ПРАВІЛЫ БЯСПЕКІ НА ЛЁДЗЕ
З надыходам маразоў на азёрах, рэках і сажалках утварылася ледзяное покрыва.
На працягу зімы лёд тоіць сур’ёзную небяспеку. Перш чым ступіць на лёд, неабходна праверыць, ці дастаткова ён трывалы. Прыкметы трываласці – яго зеленаваты колер, ён не прабіваецца пасля трох удараў палкай (нельга гэта рабіць нагой). Калі ж паказалася вада, ступаць на лёд нельга. Не трэба забываць і аб тым, што лёд неаднолькава моцны ў межах аднаго вадаёма. Акрамя гэтага тут могуць быць запарушаныя снегам палонкі, праталіны, рыбацкія лункі, умерзлая расліннасць і проста месцы, пакрытыя тоўстым слоем снегу. У час пераходу па лёдзе трэба ўважліва сачыць за яго паверхняй. Абмінайце месцы з цёмнымі плямамі на снезе! Калі на лёдзе рухаюцца некалькі чалавек, то неабходна ісці адзін за адным з інтэрвалам 5-6 метраў. Не варта збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Трэба помніць, што бяспечная таўшчыня лёду – 5-7 сантыметраў для аднаго чалавека, 10-12 сантыметраў – для групы людзей. Масавае катанне на каньках дазваляецца пры таўшчыні лёду не менш за 25 сантыметраў.
Калі ж вы праваліліся пад лёд і апынуліся ў вадзе, то перш-наперш трэба захоўваць самавалоданне: не боўтацца, не хапацца за край лёду.
Рэкамендуецца прыціснуцца да аднаго краю правалу грудзямі або спінай, раскінуць рукі ў бакі, а ў супрацьлеглы край уперціся нагамі ці рабіць імі плаваныя рухі. Услед за гэтым трэба асцярожна выцягнуць на лёд спачатку адну нагу, а потым, нахіліўшы ў той жа бок тулава, другую, пасля чаго перакаціцца і адпаўзці далей ад месца правалу.
Той, хто стаў сведкай такога здарэння, павінен папярэдзіць чалавека, які праваліўся, аб тым, каб ён не мітусіўся, не спрабаваў выбрацца самастойна, а, раскінуўшы рукі ў бакі і паклаўшы іх на лёд, чакаў дапамогі. І выклікаць службу 101.
Калі вырашыў выратаваць самастойна, то набліжацца да месца здарэння толькі паўзком. Для выратавання і ўласнай страхоўкі выкарыстоўваюць лесвіцы, дошкі, жэрдкі, лыжы, вяроўку, дрот, звязаныя рамяні, шалікі, адзенне. Калі пацярпелы надзейна ўхопіцца за пададзены прадмет, трэба выцягнуць яго на моцны лёд і даставіць на бераг. Там яму неабходна аказаць першую дапамогу: неадкладна адправіць у цёплае памяшканне, зняць мокрае адзенне, насуха расцерці цела, пераапрануць ва ўсё сухое, пакласці ў ложак, цёпла накрыць і даць гарачага чаю. Калі неабходна, то пацярпелага накіроўваюць у лячэбную ўстанову. Калі здарэнне адбылося ў далечыні ад жылля, то ў такім выпадку першую дапамогу аказваюць на месцы: раскладваюць вогнішча, дзеляцца з пацярпелым сухім адзеннем і прымаюць неадкладныя меры для яго транспартавання ў цёплае памяшканне ці ў медыцынскую ўстанову.
Памятайце: за невыкананне мераў засцярогі на лёдзе можна паплаціцца жыццём.