ГАЛАЛЁД: БУДЗЬЦЕ АСЦЯРОЖНЫЯ
19 снежня – Дзень прафілактыкі траўматызму
Зімой надвор’е бывае непрадказальным, асабліва небяспечны галалёд. Таму неабходна быць вельмі ўважлівымі і прымаць меры, каб знізіць траўмаванне.
Звярніце ўвагу на свой абутак: падбярыце някоўзкі абутак з падэшвай на мікрапорыстай аснове; адмоўцеся ў галалёд ад высокіх абцасаў.
Як дзейнічаць пры галалёдзе:
- глядзіце сабе пад ногі, старайцеся абыходзіць небяспечныя месцы. Калі склізкае месца абысці немагчыма, ідзіце па ім, як лыжнік – невялікімі плаўнымі крокамі;
- ступаць неабходна на ўсю падэшву, ногі злёгку расслабіць у каленях;
- рукі па магчымасці павінны быць свабоднымі, не трымайце іх у кішэнях – гэта павялічвае верагоднасць падзення;
- пры пераходзе праезнай часткі дарогі не спяшайцеся, не бяжыце;
- імкніцеся абыходзіць усе месцы з нахіленай паверхняй;
- пажылым людзям рэкамендуецца выкарыстоўваць палку з гумовым наканечнікам або спецыяльную палку з завостранымі шыпамі;
- калі вы паслізнуліся, прысядзьце, каб знізіць вышыню падзення. У момант падзення пастарайцеся згрупавацца, і, перакаціўшыся, змякчыць удар аб зямлю.
Не спяшайцеся падняцца, агледзьце сябе, ці няма траўмаў, папрасіце прахожых дапамагчы вам.
Памятайце: асабліва небяспечныя падзенні на спіну, уверх тварам, бо можна атрымаць страсенне мазгоў. Пры траўме абавязкова звярніцеся да доктара па медыцынскую дапамогу.
А. ЛАЎРОЎСКІ, доктар-траўматолаг