КАЛІ ВЫ ЗАБЛУКАЛІ
Калі вы заблукалі ў лесе, трэба спыніцца і прысесці, падумаць, як выбрацца да таго месца, адкуль пачынаецца знаёмая дарога. Калі гэта не атрымліваецца, трэба прыгадаць знаёмыя арыенціры -- чыгунку, судаходную раку, шашу. Да людзей "прывядзе" рака, ручай.
Выйсці да населенага пункта дапамагаюць гукі -- гул трактара, брэх сабакі. Добрыя праваднікі ў лесе -- пчолы: трэба выйсці на паляну, паглядзець, у які бок яны ляцяць, ісці за імі.
Ёсць шэраг спосабаў, якія дазваляюць вызначыць частку свету. Напрыклад, поўнач -- па Палярнай зорцы. Апоўначы (калі ў вас з сабой гадзіннік з мясцовым часам) можна даведацца частку свету па месяцы. Калі месяц расце, ён знаходзіцца ў гэты час на захадзе, у поўню -- на поўдні, у апошняй чвэрці, калі серп месяца падобны на літару С, -- на ўсходзе.
Днём па гадзінніку лёгка вызначыць накірунак поўнач-поўдзень па сонцы. Для гэтага адлегласць паміж лічбай 12 на цыферблаце і стрэлкай гадзінніка, накіраванай на сонца, трэба падзяліць папалам. Калі праз гэтую кропку і цэнтр гадзінніка правесці ўмоўную прамую, то яе канец, накіраваны ў бок сонца, будзе паказваць поўдзень.
Ёсць і іншыя прыкметы, якія дазваляюць выбраць правільны накірунак. Напрыклад, мурашнікі заўсёды размешчаны з паўднёвага боку дрэваў. Мох аддае перавагу паўночнаму боку. Гадавыя кольцы на зрэзе пня размешчаны нераўнамерна: з паўднёвага боку яны звычайна таўсцейшыя.
Калі вы выпадкова сустрэнеце дзікую жывёлу, дайце ёй магчымасць пайсці. Пры яўнай агрэсіі з яе боку ў якасці абароны можна выкарыстоўваць агонь і шум.